“Будзем берагчы свае прасторы і на мове роднай гаварыць” – гэта словы, якія сталі лейтматывам сустрэчы Ільюшынскіх школьнікаў з беларускай паэтэсай, членам Саюза беларускіх пісьменнікаў Тамарай Дзмітрыеўнай Барадзёнак.
Сустрэча, прымеркаваная да Дня роднай мовы, пачалася з аповяду пра творчы шлях паэтэсы. Вучні пазнаёміліся з вершамі, прысвечанымі роднай зямлі і малой Радзіме, духоўнай лірыкай. Гумарэскі і байкі прымусілі задумацца аб заганых звычках, нормах паводзін.
Калі ж настаў час задаваць пытанні нават утварылася чарга. Вучняў цікавіла ўсё:
- калі былі апублікаваны першыя вершы?
- у якім узросце быў напісаны першы верш і пра што ў ім гаварылася?
- колькі за ўсю творчую дзейнасць было сапсавана лістоў на чарнавікі?
- якую назву носіць самы новы зборнік?
- а ці ёсць у Вашай сям’і яшчэ паэты?
- які верш у Вас самы любімы?
- ці ёсць вершы, якія не друкаваліся?
- у Вас напісаны вершы самай рознай тэматыкі. А ёсць вершы пра сябе?
- чаму ўсе Вашы вершы напісаны на беларускай мове?
І на ўсе пытанні былі дадзены шчырыя адказы.
Час сустрэчы праляцеў непрыкметна. Пры развітанні дамовіліся аб новых сустрэчах.